Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

«Край, у якім ты жывеш»

Дата: 3 декабря 2021 в 11:33, Обновлено 25 марта 2022 в 11:57

УПРАЎЛЕННЕ ПА АДУКАЦЫІ, СПОРТУ І ТУРЫЗМУ СМАЛЯВІЦКАГА РАЙВЫКАНКАМА

ДЗЯРЖАЎНАЯ ЎСТАНОВА АДУКАЦЫІ «ДРАЧКАЎСКІ НАВУЧАЛЬНА-ПЕДАГАГІЧНЫ КОМПЛЕКС

ДЗІЦЯЧЫ САД-СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА»

Адукацыйны турыстычны маршрут «Дарогамі ведаў»

«Край, у якім ты жывеш»

Аўтары:

Белабародая Вера, вучаніца 9 класа

Шчурко Алена, вучаніца 9 класа

Шчурко Валерыя, вучаніца 9 класа

Кіраўнік:

Раманюк Галіна Цімафееўна,

настаўнік гісторыі

аг. Драчкава, 2021

 

Асноўнымі аб’ектамі экскурсійнага маршруту з’яўляюцца населеныя пункты Драчкаўскага сельсавета: аграгарадок Драчкава, вёска Малыя Ляды і вёска Пятровічы. Гэтыя населеныя пункты маюць багатую гісторыю, на іх тэрыторыі знаходзяцца храмы XVIII–XIX стст., тут нарадзіліся ў свой час сусветнавядомыя вучоныя. Знаёмства з экскурсійнымі аб’ектамі дазволіць пашырыць веды вучняў па гісторыі і культуры роднага краю, стымуляваць вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю.

Мэты:

  • Фарміраванне на аснове вывучэння культурнай спадчыны пачуцця патрыятызму, гонару за гістарычнае мінулае сваёй малой радзімы;
  • паглыбленне і канкрэтызацыя ведаў па гісторыі роднага краю.

Задачы:

  • пазнаёміць з архітэктурнымі аб’ектамі, месцамі нарараджэння сусветнавядомых вучоных; 
  • фарміраваць паважлівае стаўленне да беларускай культуры;
  • пашырыць веды, атрыманыя на ўроках гісторыі Беларусі.

Узроставая катэгорыя: 14-16 гадоў

Спосаб перамяшчэння. Аўтобус, аўтамабіль.

Працягласць маршруту: 15 км

Прадмет і тэма прадмета асноўнага адукацыйнага курса

  • Гісторыя Беларусі 8 клас (Культура Беларусі XIX ст., Наш край)
  • Мастацтва (Айчынная і сусветная мастацкая культура) 9 клас (Мастацтва Беларусі XVIII-XIX ст.)

Нітка маршрута

Кароткая характарыстыка аб’ектаў на маршруце.

 

  1. Аграгарадок Драчкава

Драчкава аграгарадок, цэнтр Драчкаўскага сельсавета, у 26 км ад горада Смалявічы, на аўтадарозе Смалявічы – Смілавічы, у 40 км ад Мінска. У Драчкаве 13 вуліц, прыкладна 860 жыхароў. Ёсць у Драчкаве амбулаторыя, аптэка, навучальна-педагагічны комплекс, дом культуры, некалькі магазінаў, пошта.

Упершыню Драчкава ўпамінаецца ў юрыдычных актах 1592 года як сяло Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Паводле перапісу 1897 года – сяло, 56 двароў, 500 жыхароў. Дзейнічалі карчма, царква. Могілкавая царква Святых Космы и Даміяна ў Драчкаве пабудавана ў 1875 годзе. Царква была драўляная. Кубападобны зруб малітоўнай залы аб’яднаны з больш нізкімі прамавугольнымі прырубамі прытвора і апсіды. Цэнтральны павышаны зруб быў накрыты чатырохсхільным шатровым гонтавым дахам, завершаным васьмігранным шатровым барабанам. Над двухсхільным дахам больш нізкага прытвора была чацверыковая вежачка званніца з крыжам над шатром.

У 1989 годзе пачалася перабудова царквы. Да восені 1996 года работы былі завершаны. Спецыяльна  для храма быў адліты звон вагой 170 кг. Прастол асвяціў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

  1. Вёска Малыя Ляды

З XVIII ст. вёска Малыя Ляды  вядома як мястэчка Мінскага ваяводства. З 1791 года належыла Манюшкам. У 1882 годзе налічвалася 13 двароў, 70 жыхароў. Тут дзейнічалі праваслаўная царква і мужчынскі манастыр, часоўня, карчма, царкоўнапрыходская школа, некалькі дробных крам. У мястэчку адзін раз у год 29 чэрвеня праводзіўся кірмаш.

Свята-Дабравешчанская царква і базыльянскі кляштар — помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў другой палове XVIII — першай палове XIX ст. Уключае царкву Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы і жылы корпус манастыра. Комплекс занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы – буйнейшы, нават адзіны, мураваны культавы помнік у Смалявіцкім раёне.

Храм — помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1794 годзе з цэглы. Існуе легенда, што мясцоваму селяніну Кірыку з'явілася Царыца Нябесная. Пашкадаваўшы мясцовы люд, яна паказала селяніну месца, дзе трэба пабудаваць царкву. Мясцовыя жыхары пабудавалі драўляны храм. Аб існаванні гэтай драўлянай царквы вядома з канца XVII ст. (Да нашага часу не захавалася.) Ідэя пабудаваць мураваны храм належыць заснавальніку манастыра мечніку Ігнацію Завішу.

Манастырскі корпус

Жылы корпус пабудаваны з цэглы ў 18111850 гг. Аднапавярховы будынак Г-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны ўваход абрамлены высокім мураваным ганкам. Цокальны паверх вылучаны гарызантальнай цягай, якая ідзе па ўсім перыметры будынку. Тоўстыя сцены прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Фасады дэкарыраваныя лапаткамі, філёнгавымі нішамі, рустам і завершаны карнізам. Планіроўка галерэйная. Памяшканні ў цокальным паверсе перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.

Сучасны выгляд манастыра

Манастыр з'яўляецца духоўным цэнтрам і месцам паломніцтва праваслаўных хрысціян.

У 1809 годзе пры Лядаўскім манастыры было заснавана чатырохкласнае вучылішча. Вучылішча падпарадкоўвалася Віленскаму ўніверсітэту і першапачаткова было свецкім. У ім вучыліся дзеці дваран і іншых саслоўяў. Выкладаліся Закон Божы, духоўная навука, расійская, польская, французская, нямецкая мова. У вучылішчы вучыўся вядомы польскі гісторык А. Здановіч. Пераўтварэнне Лядаўскага свецкага вучылішча ў духоўнае адбылося ў 1834 годзе. З гэтага часу яно прызначалася для дзяцей ўніяцкага духавенства і было перададзена ў загадванне грэка-уніяцкай духоўнай калегіі. З пераходам вучылішча ў духоўнае ведамства колькасць прадметаў значна скарацілася. У 1839 годзе адбылося ўраўнаванне вучэбнага курса ўніяцкага вучылішча з праваслаўнымі. У 1848 годзе вучылішча было пераведзена ў Пінск, дзе праіснавала да пачатку XX ст.

Недалёка ад вёскі Малыя Ляды знаходзіцца пасёлак Ляды. Тут у XIX ст. быў маёнтак, на полі паміж вёскай Слабодка і пасёлкам Ляды – вінакурны завод. Маёнтак належаў Ельскім.

Род Ельскіх вядомы на беларускай зямлі з ХVI ст. У ХIХ стагоддзі род Ельскіх найбольш праславілі Аляксандр, Міхаіл, Казімір, Канстанцін. Да ліку нястомных працаўнікоў навукі належыць наш зямляк Канстанцін Ельскі. Гэта быў усебакова адукаваны чалавек, рамантык па натуры, якога ўсё жыццё вабілі новыя краіны. Канстанцін Міхайлавіч Ельскі нарадзіўся ў маёнтку Ляды Ігуменскага павета (зараз пасёлак Ляды Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці) 17 лютага 1837 года ў сям’і збяднелага двараніна. Яго бацька ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Маці была сястрой Станіслава Манюшкі.

Канстанцін скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, потым скончыў матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Вывучаў насякомых і малюскаў. За даследаванне анатоміі малюска атрымаў вучоную ступень магістра. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863-1864 года ва Украіне. Каб пазбегнуць арышту, эмігрыраваў за мяжу. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. У 1865 годзе выехаў у Гвіяну, у 1869 г. – у Перу. Вывучаў фаўну гэтых краін. Адкрыў новы від жывёлы Dinon. Падарожнік і ўрач, батанік і заолаг, географ і геолаг, ён пакінуў прыкметны след у развіцці прыродазнаўства мінулага стагоддзя.

  1. Вёска Пятровічы

Пятровічы размешчаны на рацэ Волма каля 25 кіламетраў ад Мінска. Працягласць вёскі каля 1,3 кіламетра. Раздзелена на дзве часткі ракой. На адным беразе – Пятровічы, на другім – Зарэчча, якое з’явілася ў пачатку дваццатага стагоддзя, а раней гэта быў хутар Пякарскіх. У маёнтку Пятровічы ў 1858 годзе нарадзіўся вядомы этнограф, лінгвіст, географ, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР Эдуард Карлавіч Пякарскі.

Эдуард Карлавіч Пякарскі вучыўся ў Мінскай, Мазырскай, Чарнігаўскай гімназіях, у Харкаўскім ветэрынарным інстытуце. За ўдзел у рэвалюцыйным руху ў 1881 годзе быў высланы ў Якуцкую вобласць. Склаў першы поўны “Слоўнік якуцкай мовы”. Аўтар шматлікіх навуковых прац па этнаграфіі, лінгвістыцы, фалькларыстыцы і геаграфіі. За “Словарь” і тры тамы «Образцов народной литературы якутов» Э. Пякарскага ўзнагародзілі залатымі медалямі Акадэміі навук і Рускага геаграфічнага таварыства.

Месца ў Зарэччы, дзе стаяў дом Пякарскіх.

Нядаўна адноўлена святая крынічка ў вёсцы Пятровічы. Асвечана ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Існуе легенда аб гаючай крыніцы і камні-валуне, які знаходзіўся побач з ёй і валодаў гаючай сілай. Старажылы расказвалі легенду аб тым, што Маці Боская, калі ішла праз Ляды на Опціна (вядомы манастыр у Калужскай вобласці), спынялася адпачыць. У кожным месцы, дзе яна спынялася, пачыналі біць крынічкі і заставаліся сляды Прачыстых ног на камянях. Тут быў устаноўлены крыж, створана купель адкрытага тыпу. Тут можна набраць святой вадзіцы.

А я здалося, піў, прыпаўшы ніцма

Да ручая з крынічнаю вадой...
Мы часта ў спёку ходзім паўз крыніцу,
Але ці часта п’ём з крыніцы той?

 

Рэкамендацыі.

Экскурсія рэкамендуецца для навучэнцаў старэйшых класаў. Праграмай па вучэбных прадметах «Гісторыя Беларусі» і  «Мастацтва» прадугледжана вывучэнне пытанняў развіцця адукацыі, навукі, архітэктуры на беларускіх землях. Па меркаванні настаўніка можна выкарыстаць просты або больш складаны матэрыял. Напрыклад, пашырыць гістарычную даведку аб К. Ельскім, Э. Пякарскім, аб вучылішчы пры Лядзенскім манастыры і г.д. Экскурсія мае не столькі змястоўную, колькі пазнавальную даследчую мэту, а таксама з'яўляецца сродкам выхавання пачуцця захаплення сваёй малой радзімай.

Даведка.

«Монастырская чайная» знаходзіцца на тэрыторыі манастырскага комплекса. У меню свежае печыва, гарбата.

Амбулаторыя знаходзіцца ў аграгарадку Драчкава на вул. Цэнтральнай 21-а

Тэл. +375 (1776) 4-84-54

Тэлефон і электронны адрас Лядзенскага манастыра Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы:

Тэл. + 375-1776-37292

 e-mail  liady.monastery@gmail.com
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.